24 чэрвеня у весцы Котава Віцебскага раёна адбылося раённае свята вышыўкі

24 чэрвеня прыгожая і маляўнічая вёска Котава Вымнянскага сельскага савета расквецілася чароўнымі карункамі вышыўкі ўмелых майстрых з усяго Віцебскага раёна. Ініцыятарамі і арганізатарамі раённага свята вышыўкі “Узоры жыцця” у межах праекта “У пошуках Спадчыны” выступілі супрацоўнікі Віцебскага раённага цэнтра культуры і творчасці, а ўдзел у ім прынялі 19 майстрых-вышывальшчыц з усяго Віцебскага раёна.

Ідэя правесці свята з’явілася на пачатку 2017 года, калі супрацоўнікі Віцебскага раённага цэнтра культуры і творчасці пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара Марыны Яско пабывалі ў фальклёрнай экспедыцыі ў вёсках Котава, Астрэйкава і Вымна.

Падчас свята госці атрымалі магчымасць паслухаць шчырыя спевы творчага вакальнага ансамблю народнай песні “Тулаўчане” і салістак Анастасіі Ніканоравай і Юліі Ракала, паглядзець тэатральную замалёўку дзіцячага тэатра “Зазеркалье”, а таксама творчыя нумары харэаграфічнага калектыву “Гарэзы” пад кіраўніцтвам Веры Леднік і Міхаіла Ананьева.

Найболей яркім момантам святочнай праграмы стала прэзентацыя адноўленага ў рамках раённага праекта “У пошуках Спадчыны” мясцовага танца “Ленцей” у выкананні дзіцячага фальклёрнага танцавальнага калектыву “Гарэзы”.

Падчас свята спецыяльнымі дыпломамі за захаванне і перадачу традыцыйнага рамяства вышыўкі былі ўрачыста ўзнагароджаны маладыя і больш сталыя вышывальшчыцы. Па выніках свята плануецца выдавецтва каляровага буклета, у якім будзе адлюстравана творчасць майстрых-вышывальшчыц Віцебскага раёна. Акром таго, у межах свята адбыліся святы вёсак Котава і Астрэйкава.

Запись опубликована в рубрике Новости. Добавьте в закладки постоянную ссылку.