Для згоды людской збіраем сяброў – 2018

«Для згоды людской збіраем сяброў».
Пад такой назвай у мінулую суботу (17 лістапада бягучага года) у чарговы раз у Мазалаўскім сельскім доме культуры, што ў Віцебскім раёне, прайшло свята беларускай нацыянальнай культуры, якое наведалі больш за дваццаць замежных студэнтаў з Кітая, Казахстана, Лівана, Туніса і Шры-Ланкі, што навучаюцца ў ВДУ імя П.М. Машэрава і ветакадэміі.

Дадзенае мерапрыемства адбылося ў межах паспяховай рэалізацыі сацыякультурнага праекта«Дыялог народаў і культур» і ўключыла канцэрт з удзелам народнага ансамбля народнай песні і музыкі «Вераснянка», тэатральнага гуртка «Вобраз» і настаўнікаў дзіцячай школы мастацтваў, майстар-клас па ігры на цымбалах і вырабе сувеніраў, наведванне выстаў –  літаратуры «Нас яднае зямля Беларусі», народных музычных інструментаў, эстнавыставы «З гарышчаў бабуль і дзядуль». Запамінальнай стала і аглядная экскурсія па аграгарадку Мазалава. Скончылася свята частаваннем традыцыйнымі беларускімі стравамі – дранікамі, блінамі, квасам, гарбатай і іншымі прысмакамі.

Замежныя студэнты з задавальненнем пазнаёміліся з беларускай культурай і чакаюць новых мерапрыемстваў. А іх мазалаўскімі культработнікамі запланавана вельмі шмат. Ужо праз месяц тут адбудзецца адкрыццё традыцыйнай выставы-конкурсу фотаздымкаў «Мая Радзіма».

Андрэй Струнчанка

Запись опубликована в рубрике Новости с метками . Добавьте в закладки постоянную ссылку.