Для згоды людской збіраем сяброў

Пад такой назвай 11 лістапада бягучага года ў чарговы раз у Мазалаўскім сельскім доме культуры (Віцебскі раён) адбылося свята беларускай нацыянальнай культуры, якое арганізавалі мясцовыя культработнікі для новых удзельнікаў клуба інтэрнацыянальнага сяброўства “Згода” – замежных студэнтаў з Грэцыі, Лівана, Палесціны, Саудаўскай Аравіі і Шры-Ланкі, што навучаюцца ў ветакадэміі. Дадзенае мерапрыемства прайшло ў межах сацыякультурнага праекта “Дыялог народаў і культур”, што паспяхова рэалізуецца ў Мазалаве з 2014 года.

Праграма свята ўключыла канцэрт з удзелам народнага ансамбля народнай песні і музыкі “Вераснянка”, майстар-класы па ігры на народных інструментах і вырабе лялек-абярэгаў, наведванне выстаў і сельскай бібліятэцы. Змястоўнай і цікавай атрымалася аглядная экскурсія па Мазалаве. Не абышлося і без традыцыйнага частавання беларускімі стравамі – дранікамі, грачанымі блінамі, мазалаўскім квасам… На памяць аб свяце кожны яго ўдзельнік атрымаў ад арганізатараў каляндарык з выявай аграгарадка.

Падчас мерапрыемства адбылося пасяджэнне Савета клуба, дзе быў разгледжаны план асноўных мерапрыемстваў. Так, на 2017 –2018 гады запланавана правядзенне пазнавальных праграм “Па краінах і кантынентах”, творчых вечарын “Нас яднае зямля Беларусі”, конкурса-выставы фотаздымкаў “Мая Радзіма”, майстар-класаў для вучняў мясцовай школы па вывучэнні замежных моў, культурнага праекта “Танцы народаў свету”, рознапланавых выстаў і акцый.

Запись опубликована в рубрике Новости с метками . Добавьте в закладки постоянную ссылку.