Модны дэбют Віцебскага раёна

16 ліпеня Віцебскі раён паспяхова прыняў удзел у абласным свяце-конкурсе тэатраў мод “Модны дывертысмент”, які адбыўся на плошчы Свабоды. Падчас конкурсу састаяўся дэбют студыі народнага касцюма “Надзея” раённага Цэнтра рамёстваў “Адраджэнне” і тэатра мод “Verona” раённага Цэнтра культуры і творчасці.

Студыя народнага касцюма “Надзея” пад кіраўніцтвам метадыста-майстра Цэнтра рамёстваў “Адраджэнне” Надзеі Гутнікавай надзвычай паспяхова прадэманстравала калекцыю “Рэканструкцыя народных касцюмаў Віцебскай губерніі”. Творчасць маладога  таленавітага мадэльера-дызайнера Надзеі Гутнікавай вядома як у Беларусі, так і па за яе межамі. Неаднаразова працы Надзеі займалі прызавыя месцы ў міжнародных конкурсах дызайну, жывапісу і графікі. І абласны конкурс не стаў выключэннем: калекцыя “Рэканструкцыя народных касцюмаў Віцебскай губерніі” была ўзнагароджана дыпломам першай ступені ў намінацыі “Спадчына”.

Калекцыя ўяўляе сабой 5 мадэляў крапатліва адноўленых рэканструяваных гістарычных касцюмаў Віцебскай губерніі канца XIX ст. – пачатку XX ст. У аснове рэканструкцыі – карціна І. Рэпіна “Беларус” (1892 г.), армяк з фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, камплект святочнага жаночага адзення, выкананы на аснове вілачкавага сарафана Віцебскай губерніі (захоўваецца ў фондах гістарычнага музею г. Вялікія Лукі), а таксама два камплекты паўсюдзённага зімовага жаночага адзення, у якіх прадэманстраваны розныя варыянты павязвання хустак, цікавыя спосабы афармлення фартухаў і тыповыя для Віцебскай губерніі ільняныя блакітныя і чырвоныя спадніцы з малюнкам “у клетку”.

З дэманстрацыяй гэтай цікавай і складанай калекцыі паспяхова справіліся удзельнікі харэаграфічнага гуртка “Вінтаж” Кастрычніцкага СДК пад кіраўніцтвам Таццяны Мянжынскай.

Удзельнікамі тэатру мод “Verona” (пад кіраўніцтвам балетмайстра раённага Цэнтра культуры і творчасці Веры Леднік) з’яўляюцца моладзь і дзеці. Калектывам у тэатралізаванай форме была прадстаўлена калекцыя “Ярыла”, якая складаецца з 11 стылязаваных летніх ільняных касцюмаў, зробленых мадэльерам Ірынай Розінай. Тэатрам мод на сцэне было прадстаўлена тэатралізаванае дэфіле, у аснове якога – сымвалічнае ахвярапрынашэнне богу Сонца – Ярыле. Калекцыю арганічна дапоўніў каларытны аква-макіяж, выкананы мастаком Мазалаўскага дома культуры – Вольгай Ганчаровай. Дэбютны выступ калектыву быў горача падтрыманы гледачамі і атрымаў дыплом за ўдзел у абласным конкурсе.

Удзельнікі харэаграфічнага гуртка “Вінтаж” у касцюмах дызайнера Надзеі Гутнікавай

Удзельнікі тэатра мод «VERONA» у касцюмах калекцыі «Ярыла» Ірыны Розінай

Запись опубликована в рубрике События с метками , , , . Добавьте в закладки постоянную ссылку.