ПЕРАМОГА Ў АБЛАСНЫМ ТУРНІРЫ НАРОДНЫХ ТАНЦАЎ У МЕЖАХ XXVI МІЖНАРОДНАГА ФЕСТЫВАЛЮ МАСТАЦТВАЎ “СЛАВЯНСКІ БАЗАР У ВІЦЕБСКУ”

15 ліпеня плошча Свабоды расквецілася ўсімі краскамі народных танцаў з розных куткоў Віцебшчыны. Упершыню ў межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” прайшоў абласны турнір народных танцаў, у якім прынялі ўдзел 70 танцавальных пар і шэраг калектываў з усёй Віцебскай вобласці. Віцебскі раён прадстаўлялі дзіцячы танцавальны фальклорны калектыў “Гарэзы” раённага Цэнтра культуры і творчасці пад кіраўніцтвам Веры Леднік і Міхаіла Ананьева, а таксама танцавальная пара Яўген Акуліч і Кацярына Саламахіна з паселішча родавых сядзіб “Звон-гара”. Удзел у конкурснай праграме прынёс Віцебскаму раёну першае месца ў намінацыі “Адметны танец” і перамогу сярод танцавальных пар ва ўзроставай групе ад 30 да 50 гадоў.

У якасці адметнага культработнікі абралі танец “Ленцей”. Да адраджэння народнага бытавога танца “Ленцей” супрацоўнікі Віцебскага раённага цэнтра культуры і творчасці шлі доўга. Першапачаткова танец зацікавіў незвычайнай назвай, але высветлілася, што, папулярная яшчэ ў 60-ыя гады мінулага стагоддзя, сёння традыцыя танцаваць гэты прыгожы танец знікла. У межах раённага праекта “У пошуках Спадчыны” быў зладжаны шэраг фальклорных экспедыцый, падчас якіх па рэштках збіралася інфармацыя пра асноўныя рухі і музыку “Ленцяя”.Першыя дакладныя звесткі пра танец былі атрыманы ад жыхароў Янавіцкага сельсавета Анатоля Іванавіча Альшанікава і Раісы Васільеўны Нямцовай. Яны падцвердзілі, што гэты танец быў надзвычай папулярным сярод моладзі і дарослых. Калі на вечарынцы “Ленцяя танцавалі”, то гэта была вельмі добрая вечарынка, — успамінала Раіса Нямцова.

Сапраўднай удачай стала сустрэча з баяністкай Галінай Кірылаўнай Зубрыцкай – ураджэнкай вёскі Арэхі Віцебскага раёна. Не гледзячы на тое, што Галіна Кірылаўна амаль усё жыццё пражыла ў Віцебску, яна захавала ў памяці музычныя матывы танца “Ленцей”, якія перадаліся ад маці Анастасіі Дзямідаўны і дзядулі Дзяміда Фёдаравіча.

Па выніках сабранай інфармацыі харэёграфамі Цэнтра культуры і творчасці пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара Марыны Яско была распачата праца па адраджэнні танца. Пры гэтым важна было не проста аднавіць малюнак пяці кален “Ленцяя”, але і навучыць яму падрастаючае пакаленне. Дзіцячы фальклорны танцавальны калектыў “Гарэзы” паспяхова справіўся з гэтай задачай. Цяпер танец атрымаў другое жыццё і будзе выконвацца на разнайстайных раённых мерапрыемствах. Але пошукавая праца на гэтым не спынілася: у планах супрацоўнікаў Цэнтра культуры і творчасці – аднаўленне традыцыі танцавання Кадрылі.

Танцавальны калектыў «Гарэзы» з ансамблем Мазалаўскай ДШМ

Галіна Кірылаўна Зубрыцкая з танцавальным ансамблем «Гарэзы»

Танцавальная пара Яўген Акуліч і Кацярына Саламахіна

Запись опубликована в рубрике Новости с метками , , , , . Добавьте в закладки постоянную ссылку.