Персанальная выстава метадыста-майстра раённага цэнтра рамёстваў “Адраджэнне” Надзеi Гутнiкавай адкрылася 5 сакавіка.

У Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці адкрылася персанальная выстава Надзеi Гутнiкавай “Рэканструяваныя строi народнага адзення жыхароў Віцебскага павета ў пачатку ХХ стагоддзя”.

На выставе прадстаўлены мужчынскія і жаночыя касцюмы, адноўленыя па вырабам-арыгіналам з фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея і Краязнаўчага музея горада Вялікія Лукі.

Аўтар выставы Гутнікава Надзея Ігараўна, метадыст-майстар Віцебскага раённага Цэнтра народных мастацкіх рамёстваў “Адраджэнне”, рэканструкцыяй вырабаў займаецца на прафесійнай аснове пасля атрымання вышэйшай адукацыі ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце (спецыяльнасць: дызайн касцюма і тканін, кваліфікацыя: дызайнер). Дзяўчына мае вялікую колькасць дыпломаў за перамогі на міжнародных і рэспубліканскіх выставах і конкурсах у Рэспубліцы Беларусь, Расійскай Федэрацыі, Італіі, Славеніі, на Кіпры.

У аснове стварэння калекцыі рэканструяванага верхняга адзення – карціна І.Я. Рэпіна “Беларус” (1892г.), мужчынскі армяк і жаночыя свiткі з музейных фондаў. Па канструкцыі гэта адзенне распашное, з рознымі ўзроўнямі размяшчэння дэталяў спінкі і перада.

У жаночых касцюмах паказаны спосабы павязвання хустак з напускам на світку і без напуска, распаўсюджаныя ў народным касцюме варыянты афармлення фартухоў з фальбонай унізе і без яе, тыповыя спадніцы з ільняной тканіны сіняга і чырвонага колеру з геаметрычным малюнкам “у клетку”.

Калекцыя сарафанна-саянавых камплектаў уключае саяны                              з прышыўным лiфам (“кабат”) і саяны “на вілачцы” (“на відэльчыку”). Вырабы маюць характэрныя для Віцебшчыны кампазіцыйныя рашэнні, насычаны каларыт і арнаментальныя матывы.

У якасці дэкаратыўнай апрацоўкі майстрам выкарыстана аздабленне канструкцыі сарафанаў кантам, які не толькі ўпрыгожваў, але і забяспечваў асаблiвую трываласць жаночага адзення.  Спадніцы маюць разнастайныя формы і канструкцыі, са зборкамі і складкамі, з аздобнымі стужкамі і пелерынамi.

У рэканструяваным камплекце адзення з Краязнаўчага музея горада Вялікія Лукі прадэманстраваны традыцыйны для Віцебскага рэгіёну спосаб нанясення малюнка “набіванка”, калі на тканіну цёмна-сіняга колеру светлай фарбай спосабам набівання наносіўся арнаментальны ўзор.

На выставе Надзея Гутнiкава паказала i калекцыю паяснога жаночага адзення. Майстрам выраблены разнастайныя канструкцыі панёвы і розныя віды андаракаў: “са зборкай”,“ “са складкамі” рознага памеру і напрамку, “з аздобнай аблямоўкай”.

Запись опубликована в рубрике События. Добавьте в закладки постоянную ссылку.