“Сябруем разам!”

         У мінулую суботу аграгарадок Мазалава ў чарговы раз расквеціўся святочнымі фарбамі, бо тут у мясцовым сельскім доме культуры адбылося свята нацыянальных культур, што аб’яднала грамадзян з Беларусі, Кітая, Велікабрытаніі, Германіі, Францыі, Шры-Ланкі, Туркменістана і Узбекістана. Дадзенае свята адбылося ў пяты раз у межах сацыякультурнага праекта “Дыялог народаў і культур”, што паспяхова рэалізуецца з 2015 года.

         Падчас канцэртнай праграмы сваю творчасць прадставілі ўдзельнікі народнага жаночага клуба “Залаты ўзрост”, тэатральнага калектыву “Вобраз”, клуба інтэрнацыянальнага сяброўства “Згода” – замежныя студэнты ВДУ імя П.М. Машэрава і ветакадэміі, а таксама госці – студэнты і выкладчыкі Лілльскага ўніверсітэта (Францыя).

У межах свята адбыліся выставы нацыянальнага адзення і літаратуры пра краіны свету, арт-акцыя “Палатно сяброўства” і патрыятычная акцыя “Мая малая радзіма – кропка на карце”, выстава-дэгустацыя страў, майстар-класы…

Вызвала цікаўнасць музычная гадзіна ля “старага” раяля, падчас якой у выкананні выкладчыка ДШМ Наталлі Лявонавай прагучалі вядомыя ўсяму свету класічныя творы. Прыйшлася да спадобы гасцям і тэматычная выстава работ “Вясна ў Парыжы” удзельнікаў гуртка дэкаратыўна-прыкладной творчасці (кіраўнік – Ала Антаненка).

Традыцыйна падчас мерапрыемства адбылося ўрачыстае ўзнагароджванне пераможцаў і ўдзельнікаў шматлікіх конкурсаў, што ладзіліся на працягу 2018/2019 навучальнага года.

Таксама ўдзельнікі свята змаглі прыняць удзел у экскурсіі “Да маёнтка, што на беразе ракі”, якая адбылася ў межах “Фэста экскурсаводаў – 2019” (дарэчы, наведалі яе амаль 40 чалавек).

Фінальную кропку мерапрыемствам у межах праекта ў бягучым годзе паставіць акцыя па пасадцы дрэў “Алея сяброўства”.

Запись опубликована в рубрике События. Добавьте в закладки постоянную ссылку.