Чароўная прырода Прыдзвінскага краю шчодра натхняе жыхароў Віцебскага раёна на творчасць. Здаўна ў гэтых прыгожых мясцінах селяцца вышывальшчыцы і ткачы, бондары і сталяры, танцоры і музыкі… Так, у вёске Дыманова жыве надзвычай таленавіты і творчы майстра – скульптар па дрэве – Павал Чарневіч.
Майстэрства разьбы па дрэве вядома на Беларусі здаўна. Драўлянымі скульптурамі аздаблялі касцёлы і цэрквы, а вырабамі з дрэва – дамы паноў і заможных сялян. І па сённяшні дзень мастацкія драўляныя вырабы ўпрыгожваюць дамы, двары і паркі.
Павал Чарневіч нарадзіўся ў 1961 годзе ў Наваполацку. З дзяцінства будучага майстра вабіла выяўленчае мастацтва, асабліва графіка, але менавіта з дрэвам Павал пачаў займацца толькі ў 2006 годзе. Урокі майстэрства атрымаў ад свайго айца-плотніка. Першыя працы будучага скульптара насілі ў большасці ўцілітарны характар. Але акром табелек для дамоў і драўлянага посуду Павал зацікавіўся вырабам драўляных цацак.
У 2007 годзе каля пажарнай часці ў горадзе Гарадок была ўсталявана драўлянай скульптура аўтарства Паўла, якая ўяўляла сабой трох пажарных у чалавечы рост. Праца над ёй заняла ў майстра больш за 2 месяцы, бо з інструментаў на той момант у наяўнасці былі толькі нажоўка, тапор і стамеска. З часам набор працоўных інструментаў станавіўся больш разнастайным, а працы – больш прафесійнымі.
Асноўнай тэмай, якой прасякнута творчасць скульптара, з’яўляецца тэма казкі. Знайшлі адлюстраванне ў яго працах і тэма гісторыі, і народныя матывы, і хараство жывёльнага свету.
У 2012 годзе Павал Чарневіч упершыню прыняў удзел у выставе-продажу “Горад майстроў” падчас Міжнароднага фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”. Там яго працы заўважылі і Павал быў запрошаны на творчы пленэр у Здравнёва.
У 2014 годзе Павал Чарневіч стаў членам клуба рамеснікаў Віцебскага раёна “Традыцыя” і пачаў актыўную выставачную і творчую працу. Скульптуры Паўла дэманстраваліся на выставах клуба, у Цэнтры рамёстваў “Адраджэнне”, на разнастайных мерапрыемствах і конкурсах.
Сапраўднае прызнанне прыйшло да майстра ў 2016 годзе, калі ён заняў першае месца ў Конкурсе рэзчыкаў па дрэве ў Здравнёва падчас Міжнароднага фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”. А ў 2017 годдзе тэлеканалам СТВ пра Паўла Чарневіча быў зняты сюжэт для праграмы “Навіны 24”. У ліпені 2017 года скульптар быў прыняты ў Беларускі Саюз майстроў народнай творчасці.
Але пра вартасць майстра кажуць, у першую чаргу, не ўзнагароды, а народнае прызнанне, якое ў поўнай меры атрымаў Павал Чарневіч. Сёння яго скульптурныя працы упрыгожваюць фасады і двары розных устаноў і арганізацый горада Віцебска і Віцебскай вобласці: школ, дзіцячых садкоў, лесхоза, Віцебскай гарадской паліклінікі № 7, РУП “Віцебскэнерга”, Селютскага дома-інтэрната і іншых.